Вітаю, дружа!
Лета сапраўды халаднаватае. Але тут, у Вільні, мяне замілоўваюць прагнозы надвор’я, калі кажуць, што першы дзень месяца будзе сьпякотны, а пасьля ўсталюецца «звычайнае літоўскае лета». Гэта значыць, будзе не халодна і ня горача, а — па-нашаму, па-свойску, як і мусіць быць, і ад гэтага цяплей робіцца на душы. Спрабую ўзгадаць, ці казалі так у нас у Беларусі: «звычайнае беларускае лета», але не магу. Хоць, можа быць, гэта мая памяць хібіць, ці мне проста хочацца, каб і ў нас гучала такая фраза.
***
Ты пішаш, што ўражаны, як у эміграцыі рэагуюць на зьяўленьне Сяргея Ціханоўскага. Маўляў, найгучней чуваць галасы, што ён чужы, вораг, маўляў, хутка яго ня будзе, гэта канец яго палітычнай кар’еры. А пры тым, чамусьці, гэта і канец кар’еры ягонай жонкі і яе Офісу... І што зь Менску такое бачыцца як фрустрацыя. У Менску хіба што правіцель кажа пра «вонючую оппозицию», а тут і эміграцыя паддае: «балаган»! «Табе канец!»
Увогуле дзіўлюся таму, як нашы замежныя «радыкалы» злучаюцца з Лукашэнкам. Той пратрымаў чалавека пяць гадоў у поўнай ізаляцыі, выкінуў яго за мяжу, а тут яму ў лоб: «Табе канец!»
Заявы, вядома, зларадныя. У адным струмяні з прапагандай. Такое сабе «наша беларускае надвор’е», тое, што і высьмеянае ўжо адвеку, яшчэ Янкам Купалам, які ў 1910 годзе саркастычна пісаў:
Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу,—
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы.
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце,—
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
Тут важна разумець, што гэтыя галасы ўсё ж асобныя і прыватныя. А крык заўсёды гучнейшы за развагу, спагаду ці падтрымку. Але галоўнае, што гэтыя абрáзы — ня крытыка, а тое, што імкнецца разбурыць беларускае адзінства ці хоць бы суіснаваньне. У эміграцыі адзінства атакуюць ад бясьсільля, ад немагчымасьці вярнуцца, ад няведаньня і бясплённасьці, ад браку думак. У гэтым сэнсе ў вас у Беларусі прасьцей — наезды адбываюцца з аднаго, антыбеларускага боку. А ў нас такі «бок» выйшаў як бы «зь сябе». Ціханоўскаму закідаюць, што ён у турме не вучыў беларускую мову. Як у тым габрэйскім анэкдоце: «Прасьціце, гэта вы ўчора ўратавалі на пажары габрэйскага хлопчыка? А ці ня бачылі вы там яго шапачку?»
Напэўна, у турме на рэжыме поўнай ізаляцыі — самае месца падцягнуць беларушчыну. І ўсе вертухаі гатовыя ў гэтым паспрыяць...
А як інакш, калі рэжымная палітыка ў Беларусі сёньня «супадае з нацыянальнымі інтарэсамі». То бок з інтарэсамі нацыі. Так я і не даўмеўся, у чым жа тады нашы нацыянальныя інтарэсы ў часы татальнае русыфікацыі і зьнішчэньня беларускай школы.
***
Але самая падступная штука ня ў тым, што Ціханоўскаму прарочаць канец, а ў тым, што ягоны выхад з турмы стаў «нагодай» прарочыць канец ягонай жонцы і яе Офісу. Якая тут сувязь, зразумець немагчыма, калі хтосьці размахаўся аглобляй.
Ты памятаеш, як мы галасавалі ў 2020-м за Ціханоўскую. Тады было адчуваньне, што за яе ў вялізных чэргах галасуюць усе. І мы разумелі, што галасуем найперш супраць «Сашы 3%». Тым ня менш мы галасавалі за Сьвятлану. І нам пашанцавала быць пасьлядоўнымі, бо ніхто іншы не выклікаў такога даверу, як яна. І ніхто ўрэшце не дасягнуў такога плёну ў міжнародных справах, як Офіс. Да 2020 году мала хто ведаў, што ў сьвеце ёсьць здаровае зерне з назваю Беларусь. Сёньня ведаюць усе. І Офіс — стабільнае рабочае прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі за мяжой, тое, што працуе ў палітыцы не дзеля «засьвяціцца», а дзеля справы. Вось уяўлю сабе, каб Офісу раптам ня стала, проста нічога ня стане — ні для мяне, ні для нас, ні для сьвету ад нас. Адныя сваркі застануцца. Офіс жа ні з кім ня сварыцца, ён па-над гэтай мітусьнёй, таму і становіць сабой беларускае адзінства.
Думаю, што сіла Офісу ў тым, што ён — за ўсіх беларусаў, у тым ліку і тых, якія прарочаць яму «канцы». Бо рэальнай крытыкі яго дзейнасьці асабіста я ня бачыў, а на нічым не абгрунтаваныя закіды ці абразы рэагаваць ня варта. У гэтым сэнсе з асобаю Ціханоўскай нам па-чалавечы пашанцавала. Офіс стаў паважанай установай за мяжой, ніколі нікога не абразіў і ня зганьбіў, не займаецца пустой гаварыльняй, а вядомы і ўдзельнічае ў міжнародных справах на самым высокім узроўні, заслугоўвае з нашага боку ўсялякага ўхваленьня і падтрыманьня. Альтэрнатывы яму, чагосьці, што зьявіцца на месцы пустых размоваў, я не ўяўляю.
Разумею, што ў нейкіх колах кансьпіралёгія толькі расьце. Яе пік — нельга нікому верыць (акрамя нямоглых), а значыць, кожнага належыць зьнішчыць. Такое сабе motto. Варта б зьвярнуць увагу на адваротнае — каму я магу давяраць. Кажуць, пакуль не прыйшоў час добрых рашэньняў, трэба захаваць сябе (як нацыю) для гэтага часу. Інакш рана ці позна такі час прыйдзе, але дзейнічаць у ім ня будзе каму.
Амбіцыі разбураюць нацыянальне адзінства, калі амбіцыі большыя за адчуваньне прыналежнасьці да сваёй нацыі — асабліва за мяжой, дзе ты перастаеш разумець, дзе свае, а дзе чужыя, а жаданьне «сказануць» большае за тваю забытую ці згубленую нацыянальную пупавіну. Як па мне, дык пупавіну трэба адчуваць, нават калі ты нічога ня кажаш, а толькі адчуваеш гэтую повязь, калі захоўваеш яе, калі ў яе зьяўляецца працяг.
***
Вось літовец, якога ў Літве пасадзілі за шпіянаж на карысьць Беларусі, папрасіў у сваіх уладаў, каб абмянялі яго на якога-небудзь літоўца, які сядзіць у турме ў Беларусі. І нічога дзіўнага тут няма. Першаму будзе больш камфортна існаваць у Беларусі, а другому ў Літве. Усё іншае тут — іншае. Галоўнае, як ні парадаксальна, захоўваць нацыянальнае адзінства. Хто б і які б ён ні быў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.