У Расеі праз атакі ўкраінскіх дронаў затрымалі вылет амаль 2000 рэйсаў, частку зь іх скасавалі, у тым ліку ў Менск

Аэрапорт Шарамецьева, Масква. Архіўнае фота

Транспартны каляпс у аэрапортах Расеі, які пачаўся ў ноч на 5 ліпеня праз атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, на раніцу 7 ліпеня прывёў да затрыманьня амаль дзьвюх тысяч рэйсаў, каля 500 вылетаў самалётаў скасавалі.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на «Расавіяцыю», 88 рэйсаў перанакіравалі на запасныя аэрадромы.

Абмежаваньні найперш закранулі маскоўскі аэрапорт Шарамецьева, пецярбурскі Пулкава і Чкалаў у Ніжнім Ноўгарадзе.

Цягам дня 7 ліпеня аэрапорты вярнуліся да нармальнай дзейнасьці. Аднак, нягледзячы на заявы аб стабілізацыі, рэйсы яшчэ затрымліваліся.

Відавочцы сьцьвярджаюць, што ў аэрапорце шмат пасажыраў чакаюць вылету.

У Пулкаве затрымалі больш за сотню рэйсаў, яшчэ восем скасавалі. Аэрапорт плянуе стабілізаваць расклад да канца дня 7 ліпеня з частковым пераносам рэйсаў на аўторак.

Парушэньні графіку палётаў зафіксавалі таксама ў Чэлябінску і Екацерынбургу.

Паводле ацэнак крыніц выданьня «Коммерсант», у галіне агульная шкода ад каляпсу можа дасягнуць 20 мільярдаў рублёў (больш за 250 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

Як вынікае з сайту менскага аэрапорту, расейская кампанія «Аэрофлот» скасавала 7 ліпеня два рэйсы зь Менску ў Маскву і два ў зваротным кірунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі праз атакі дронаў масава скасоўваюць авіярэйсы, затрымкі закранулі і менскі аэрапорт