Калі Іран і Ізраіль былі найлепшымі сябрамі. Архіўныя фота
Іранскі дыплямат Рэза Сафінія салютуе ізраільскім салдатам ля рэзыдэнцыі першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана непадалёк ад Тэль-Авіву ў 1950 годзе. У 1950 годзе Іран парваў з сваімі арабскімі суседзямі, неафіцыйна прызнаўшы маладую габрэйскую дзяржаву.
Давід Бэн-Гурыён (зьлева), першы прэм’ер-міністар Ізраілю, і іранскі дыплямат Рэза Сафінія (у паласатым гарнітуры) на вечарыне, арганізаванай іранскай дэлегацыяй у Ерусаліме ў 1950 годзе. Адносіны паміж дзьвюма краінамі сталі настолькі цёплымі, што ў рэшце рэшт зьявіліся штодзённыя рэйсы паміж Тэгеранам і Тэль-Авівам. Іран і Ізраіль нават таемна супрацоўнічалі ў праектаваньні ракетнай сыстэмы.
Малочных кароў грузяць на борт грузавога самалёта, які паляціць у Іран, на ізраільскім аэрадроме ў 1965 годзе. У той час як Ізраіль карыстаўся іранскай нафтай, Тэгеран набываў ізраільскі досьвед у сельскагаспадарчых і вайсковых тэхналёгіях.
Мужчыны з Блізкага Ўсходу і Афрыкі слухаюць лекцыю аб сельскай гаспадарцы ў навучальнай установе ў Бэйт-Бэрле (на поўнач ад Тэль-Авіву), 1971 год.
Габрэйскае вясельле недзе ў Іране ў 1950-я гады. Цырымонію праводзіць рабін Шлома Коген Цадык (справа ў цэнтры), галоўны рабін краіны. Надпіс на іўрыце за імі спасылаецца на біблійны верш: «Няхай жонка твая будзе як пладаносная лаза ў доме тваім, сыны твае як аліўкавыя сады вакол стала твайго».
Барацьбіты з Ізраілю і Ірану сустрэліся ў паядынку на сёмай Макабіядзе ў Тэль-Авіве, Ізраіль, у жніўні 1965 году. Гэтыя гульні праводзяцца што чатыры гады і адкрытыя для габрэйскіх спартсмэнаў з усяго сьвету.
Габрэі жывуць у Іране тысячагодзьдзямі. У 1970-х гадах у краіне жылі амаль 100 000 габрэяў. У 2012 годзе іх засталося толькі 8756.
Фатаздымак руін Пэрсэпалісу, старажытнай сталіцы Пэрсыдзкай імпэрыі, зроблены ізраільскім фатографам Бэна Ротэнбэргам у 1968 годзе.
Іранскі танкер з палівам прыбывае ў ізраільскі порт у 1975 годзе.
Пасьля Шасьцідзённай вайны ў 1967 годзе варожасьць арабаў да Ізраілю і яго хаўрусьнікаў прывяла да міжнароднага нафтавага крызісу. Іранская нафта ў той час ратавала Ізраіль.
Ізраільскі падарожнік (зьлева) п’е напой побач з рабочымі каля ракі Шат-эль-Араб на захадзе Ірану ў 1950-я гады.
Ізраільцы, якія жылі ў Іране да рэвалюцыі 1979 году, успамінаюць, што яны былі абыякавыя да рэпрэсіяў, якія іранскі шаг чыніў супраць свайго народу. «Яны ня скардзіліся, а мы ня ўмешваліся», — успамінаў адзін ізраілец у фільме пра дарэвалюцыйны пэрыяд. «Мы не сьляпыя, мы ведалі, у якой рэальнасьці жывем, але гэта ня наш клопат», — дадаў ён.
Фатаздымак, зроблены ізраільскім фатографам Бэна Ротэнбэргам, на якім паказаныя неідэнтыфікаваныя археолягі за працай у іранскай правінцыі Гілян у 1968 годзе.
Выстава іранскіх выданьняў на кніжным кірмашы ў Ерусаліме ў 1963 годзе.
Зборная Ірану ў шахматах (зьлева) гуляе з сваімі амэрыканскімі партнэрамі на Сусьветнай шахматнай алімпіядзе ў Хайфе, Ізраіль, у 1976 годзе.