Даклад Мікіты Хрушчова «Пра культ асобы і яго наступствы» прагучаў на закрытым пасяджэньні ХХ зьезду КПСС 25 лютага 1956 году. У ім віна за масавы тэрор і злачынствы другой паловы 1930-х — пачатку 1950-х гадоў усклалдалася асабіста на папярэдняга кіраўніка СССР Сталіна. Дакумэнт лічыцца пачаткам хрушчоўскай адлігі.
Цяпер КПРФ назвала даклад «памылковым і палітычна прадузятым», паведаміла РІА «Новости».
Акрамя таго, партыя зноў абрала сваім старшынёй 81-гадовага Генадзя Зюганава. Ён займае гэтую пасаду з 1993 году.
Што было ў гэтым дакладзе?
- Хрушчоў асудзіў культ асобы Сталіна, заявіўшы, што той супярэчыць марксізму-ленінізму. Разам з тым Хрушчоў засяродзіўся на тым, што культ асобы нанёс «велізарную шкоду прынцыпу калектыўнага кіраўніцтва ў партыі». Пра масавыя рэпрэсіі супраць мільёнаў людзей ён не згадаў.
- Увесь даклад Хрушчоў намагаўся зьвесьці даклад да таго, што адзінай віной Сталіна былі рэпрэсіі супраць намэнклятуры і былых ідэйных камуністаў.
- Хрушчоў цытаваў лісты Леніна і Крупскай пра жорсткасьць Сталіна, але пазьней назваў пазытыўнай ролю Сталіна ў «ідэйнай барацьбе» супраць трацкістаў, правых, буржуазных нацыяналістаў.
- Хрушчоў згадаў, што Сталін увёў паняцьце «вораг народу», якое вызваляе ад неабходнасьці ўсялякіх доказаў ідэйнай памылковасьці чалавека.
- Паводле Хрушчова, жорсткія рэпрэсіі Сталіна адбываліся «з парушэньнем усякіх нормаў рэвалюцыйнай законнасьці».
- Хрушчоў абверг выключную ролю Сталіна ў перамозе ў вайне і ўсклаў на яго віну ў вялікіх стратах. Паводле ягоных слоў, Сталін не рэагаваў на паведамленьні аб плянах Гітлера і не мабілізаваў своечасова прамысловасьць для патрэбаў войска.
- Хрушчоў скрытыкаваў Сталіна за масавыя высяленьні са сваіх родных мясьцін цэлых народаў, сфальсыфікаваныя судовыя справы, правалы ў міжнароднай палітыцы, помнікі пры жыцьці.
Даклад у СССР упершыню апублікавалі толькі ў 1989 годзе.
Форум