Пры апёку трэба мазацца сьмятанай?
Вядомы народны лайфхак – памазаць абгарэлыя плечы сьмятанай ці кефірам. Але насамрэч так рабіць ня варта: малочныя прадукты ствараюць балону, якая затрымлівае цяпло і не дае скуры астуджвацца натуральным шляхам. Акрамя таго, на пашкоджаную скуру могуць трапіць бактэрыі, што павялічвае рызыку інфэкцыі.
Калі вельмі горача, так і цягне скочыць у ваду. Але ёсьць небясьпекі
У сьпёку толькі і мараў, што даць нырца ў прахалодную сажалку – адразу стане лепей. Але рэзкі скачок у халодную ваду можа прывесьці да халадовага шоку: паскараецца дыханьне, скача ціск, магчымыя сутаргі і нават страта прытомнасьці. Гэта небясьпечна, асабліва для дзяцей і старэйшых людзей. Варта памятаць, што нават у вадзе можна атрымаць апёк, бо ультрафіялет пранікае скрозь паверхню.
Чым халаднейшы напой, тым лепш ён астуджвае?
Лёд у шклянцы можа здавацца паратункам, але занадта халодныя напоі выклікаюць спазмы страўніка і запавольваюць засваеньне вадкасьці. Да таго ж газаваны напой з цукрам (кшталту ліманаду ці кока-колы) можа толькі ўзмацніць абязводжваньне.
Халодны душ дапаможа адразу справіцца са сьпёкай?
Насамрэч халодная вада толькі сапсуе натуральную тэрмарэгуляцыю. Цела, наадварот, мабілізуе сілы, каб сагрэцца пасьля шокавай тэмпэратуры. Рэзкі кантраст тэмпэратураў выклікае спазм судзінаў, і замест палёгкі можна атрымаць галаўны боль, скокі ціску, страту прытомнасьці. Тое ж датычыцца абціраньня лёдам – ён ахалоджвае толькі паверхню скуры і можа затрымліваць натуральны працэс астуджэньня праз пот.
Гарачая гарбата ў сьпякоту – добрая ідэя, каб прапацець і астудзіцца?
Гарачы напой сапраўды можа выклікаць вылучэньне поту, але гэта карысна толькі ў сухім клімаце. У вільготным паветры (якое часта бывае ў Беларусі летам) пот ня можа выпарацца, і вы толькі яшчэ больш разаграваеце арганізм. Выбірайце прахалодныя або цёплыя напоі, але не ледзяныя. Напрыклад, гарбата зь мятай ці зёлкамі – выдатны варыянт.
Вэнтылятар уратуе ад усякай сьпякоты?
Пры высокіх тэмпэратурах (каля 35°C і вышэйшых) вэнтылятар можа толькі ганяць гарачае паветра. У такіх умовах ён ня толькі не астуджвае, але і можа павялічыць рызыку перагрэву.
Калі ня хочацца піць – значыць, усё добра?
Смага – позьні сыгнал аб абязводжваньні. Яно асабліва небясьпечнае для дзяцей і сталых людзей: у іх пачуцьцё смагі зьніжанае, і яны могуць не заўважыць, што арганізм патрабуе вадкасьці. Піце ваду рэгулярна, нават калі не адчуваеце смагі.
Куфаль халоднага піва – выдатны рэцэпт на сьпякоту?
Алькаголь, нават халодны, не астуджвае, а абязводжвае арганізм. Ён дзейнічае як дыўрэтык і можа пагаршаць рэгуляваньне цяпла. Пасьля піва або іншага алькаголю цяжэй заўважыць сымптомы перагрэву, а рызыка цеплавога ўдару расьце.
А што варта рабіць?
- Піць досыць прахалоднай вадкасьці — морсаў ці ўзвараў, ізатонікаў, звычайнай вады.
- Захінаць фіранкі на дзень, каб сонца не перагравала кватэру ці дом.
- Унікаць алькаголю, салодкіх газаваных напояў і «цяжкай» высокакалярыйнай ежы.
- Насіць лёгкае адзеньне з натуральных матэрыялаў і галаўныя ўборы.
- Карыстацца ахоўным крэмам ад сонца з ультрафіялетавым фільтрам нават у пахмурны гарачы дзень і падчас адпачынку на вадзе.
- Прымаць прахалодны (але не ледзяны!) душ, каб асьвяжыцца. Памятайце, што шокавыя зьмены тэмпэратуры могуць толькі пагоршыць фізычны стан.
Форум