Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рутэ: Кітай можа справакаваць Расею атакаваць NATO


Расейска-кітайскія вайсковыя вучэньні, архіўнае фота
Расейска-кітайскія вайсковыя вучэньні, архіўнае фота

Кіраўнік NATO Марк Рутэ не выключыў, што ў выпадку, калі Кітай вырашыць прымяніць сілу ў дачыненьні да Тайваня, лідэр КНР Сі Цзіньпін можа папрасіць прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна «адцягнуць эўрапейцаў» ад сытуацыі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, «напаўшы на тэрыторыю NATO».

Пра гэта Рутэ заявіў 5 ліпеня 2025 году ў інтэрвію газэце The New York Times, адзначыўшы, што разуменьне магчымасьці такога разьвіцьця падзей расьце.

Па словах генэральнага сакратара NATO, для стрымліваньня Пэкіна і Масквы неабходныя два асноўныя крокі.

Адзін зь іх зьвязаны з калектыўным узмацненьнем заходняга альянсу, «каб рускія ніколі не напалі».

Другой абавязковай мерай Рутэ назваў сумесную працу з Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам у сфэры абароннай прамысловасьці і інавацый. Такое супрацоўніцтва вельмі прасоўвае цяперашняя адміністрацыя ЗША на чале з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, дадаў Рутэ.

«Перад намі велізарны геапалітычны выклік. І гэта перш за ўсё Расея, якая аднаўляецца з хуткасьцю, якая ня мае сабе роўных у нядаўняй гісторыі. Цяпер яны вырабляюць у тры разы больш боепрыпасаў за тры месяцы, чым усе члены NATO за год», — сказаў Рутэ.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, архіўнае фота
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, архіўнае фота

Інтэрвію The New York Times з кіраўніком NATO шмат у чым датычыцца адносін паміж Паўночнаатлянтычным саюзам і ЗША пасьля вяртаньня ў Белы дом Дональда Трампа. Як адзначаецца ў публікацыі, Трамп доўгі час быў скептыкам у дачыненьні да NATO, а падчас свайго першага тэрміну ў прыватным парадку нават пагражаў выйсьці з арганізацыі.

Адказваючы на адно з пытаньняў газэты, Марк Рутэ даў зразумець, што лічыць слушным адно з даўніх патрабаваньняў Дональда Трампа да дзяржаў NATO выдаткоўваць на абарону ня менш за 2% ВУП.

«Прэзыдэнт Трамп заслугоўвае ўсёй пахвалы, таму што безь яго лідэрства, без 2% у цяперашнім годзе і без 5% да 2035 году мы б ніколі не змаглі дасягнуць пагадненьня па дадзеным пытаньні», — сказаў кіраўнік NATO.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у канцы чэрвеня падчас паездкі ў Кыргызстан заявіў, што павелічэньне ваенных бюджэтаў краін-сябраў NATO «прывядзе да краху гэтай арганізацыі». Лаўроў тады ж падкрэсьліў, што краіны-сябры NATO пры прыняцьці рашэньняў кіруюцца «выдумкамі і высмактанымі з пальца пагрозамі».

У дэклярацыі, прынятай на саміце Паўночнаатлянтычнага саюза ў Гаазе 25 чэрвеня 2025 году, падкрэсьлівалася, што Расея зьяўляецца «доўгатэрміновай пагрозай» бясьпецы ў Эўраатлянтычным рэгіёне. Хаўрусьнікі пагадзіліся зь неабходнасьцю павысіць выдаткі, зьвязаныя з абаронай, да 5% ВУП да 2035 году.

Пэкін лічыць Тайвань сваёй «мяцежнай правінцыяй», заяўляючы, што гатовы прымяніць сілу ў выпадку, калі будзе неабходна ўсталяваць кантроль над востравам. Пры гэтым большасьць тайванцаў падтрымліваюць дэ-факта незалежнасьць Тайваня і яго дэмакратычны статус. У любы патэнцыйны ваенны канфлікт вакол вострава могуць быць уцягнутыя ЗША, якія зьяўляюцца ўдзельнікам некалькіх рэгіянальных кааліцый і, згодна з прынятымі ў Злучаных Штатах законамі, любыя пагрозы Тайваню разглядаюць як праблему «выключнай сурʼёзнасьці».

Кітай дэкляруе нэўтральную пазыцыю ў вайне Расеі супраць Украіны і заклікае да міру. Адначасова КНР працягвае актыўныя кантакты з Масквой. Лідэры дзьвюх краін Уладзімер Пуцін і Сі Цзіньпін сустракаліся дзясяткі разоў і падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве без абмежаваньняў у лютым 2022 году, менш чым за тры тыдні да таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. Кітай зьяўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнэрам Расеі, дапамагаючы ёй пераадольваць наступствы заходніх эканамічных санкцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG